АРНІЦІ́НАВЫ ЦЫКЛ,
цыкл мачавіны, цыкл Крэбса-Хензелейта, цыклічны ферментатыўны працэс утварэння мачавіны з вуглякіслага газу, аміяку і аспарагінавай к-ты ў арганізме чалавека, некаторых пазваночных жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Асн. рэакцыі арніцінавага цыкла ў млекакормячых вывучаны англ. біяхімікамі Х.Крэбсам і К.Хензелейтам (1932 і інш.), адсюль другая назва. Спачатку да арніціну далучаецца карбамілфасфат (макраэргічны прадукт кандэнсацыі аміяку і вуглякіслага газу) з утварэннем цытруліну, да якога затым далучаецца амінагрупа аспарагінавай к-ты, з утварэннем аргініну. Апошні гідралітычна распадаецца на мачавіну і арніцін, які зноў уключаецца ў цыкл ператварэнняў. На біясінтэз адной малекулы мачавіны ў цыкле расходуюцца 2 малекулы АТФ. Біял. значэнне арніцінавага цыкла заключаецца ў вывядзенні з арганізма таксічнага для тканак аміяку.
т. 1, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)